Па родных мясцiнах
Автор: Нонна Буко
Загружено: 2023-06-05
Просмотров: 458
24 мая 2023 года ў рамках дзейнасці Цэнтра валанцёраў 60+ адбылася адукацыйная экскурсійная паездка слухачоў Мiнскага унiверсiтэта трэцяга ўзроста па iнiцыятыве Вячаслава и Нонны Буко.
Турыстычны маршрут пралягаў па трох раёнах трох абласцей (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці, Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці і Нясвіжскі раён Мінскай вобласці).
За адзін дзень мы наведалі шмат славутасцей, палюбаваліся прыгажосцямі беларускай прыроды, нацешыліся гасціннасцю мясцовых жыхароў.
Стартаваўшы з Мінска мы адправіліся ў гарадскі пасёлак Мір Карэліцкага раёна. Там мы здзейснілі шпацыр вакол Мірскага замка (XVI-XX стст.), які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны і ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Недалёка ад замка ў сярэдняй школе г. п. Мір імя А.I. Сташэўскай пад кіраўніцтвам Пастуховай Інэсы Іванаўны (намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце, настаўнік гісторыі) вучні для нас правялі дзве выдатныя экскурсіі ў школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі і ў школьным музеі Ігната Дамейкі.
Наступны пункт падарожжа – Палацава – паркавы комплекс Радзівілаў у вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна, які з'яўляецца помнікам архітэктуры ў стылі класіцызму (канец XVIII –-пачатак XIX ст.). У цяперашні час комплекс паўразбураны і знаходзіцца на рэканструкцыі. У гэтай жа вёсцы мы наведалі рымска-каталіцкі Касцёл Святога Юрыя (1751 г.), пра гісторыю якога нам распавялі мясцовы ксёндз Вінцэнт і жыхар гэтай вёскі Станіслаў Рыбалтоўскі.
Затым мы пераехалі ў вёску Ішкальдзь Баранавіцкага раёна і наведалі Траецкі касцёл, пра які нам таксама шмат цікавага распавёў ксёндз Вінцэнт (помнік архітэктуры XV стагоддзя ў стылі позняй готыкі, самы стары, неперабудаваны касцёл на тэрыторыі Беларусі. У 2022 годзе ўрачыста адзначалі яго 550-годдзе).
Канцавы пункт паездкі-вёска Макашы Нясвіжскага раёна. Тут мы:
пабывалі ў Рымска-каталіцкай капліцы Божай Маці Каралевы ўсіх Святых (XIX-XX ст.);
усклалі кветкі ля помніка беларускага паэта і ўраджэнца гэтай вёскі Уладзіміра Адамавіча Жылка;
убачылі дом, дзе нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства паэт;
пазнаёміліся з экспанатамі адрэстаўраванага вадзянога млына. Раней на гэтым млыне малолі муку для ўсёй акругі, але падчас Вялікай Айчыннай вайны ён был спален. У 60-я гады яго аднавілі-прывезлі вадзяны млын з суседняй вёскі Краснагоркі. І толькі праз шмат гадоў правялі рэканструкцыю млына. Ён стаў адным з найпрыгажэйшых аб'ектаў базы аграэкатурызму «Ля старога млына» дзякуючы намаганням мясцовай адміністрацыі, мясцовых жыхароў і асабліва загадчыцы базы Т.М.Халопіца. Афіцыйнае адкрыццё базы запланавана сёлета;
наведалі Музейны куток У.А. Жылка, урачыстае адкрыццё якога адбылося ў памяшканні млына 28 мая 2022 года.
Падарожжа пакінула цудоўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнай паездкі. Кожны з нас прывёз шмат новых ведаў, фота і станоўчых эмоцый.
Спадзяемся, што ў турыстычным лісце Беларусі неўзабаве з'явіцца гэты ўнікальны маршрут.
Доступные форматы для скачивания:
Скачать видео mp4
-
Информация по загрузке: